З чысцінёй і прыгажосцю – у будучыню

23.04.2018

         Кожны, хто хоць аднойчы пабываў у Беларусі, прыемна зачароўваецца чысцінёй і прыгажосцю беларускай зямлі. Гаспадарлівая рука беларуса ўсё дагледзіць, усюды навядзе парадак.

         Правядзенне рэспубліканскага суботніка стала ўжо добрай традыцыяй у гэтым накірунку.

         У Хорскай сярэдняй школе суботнік прайшоў пад дэвізам “З чысцінёй і прыгажосцю – у будучыню”. Школьную талаку пад такім дэвізам узначаліла дырэктар школы Ярошык Неаніла Міхайлаўна. Пад яе кіраўніцтвам настаўнікі і вучні 5-7 класаў акультурылі тэрыторыю перад і па-за школай, былі паліты нядаўна пасаджаныя ў рамках акцыі “Тыдзень лесу - 2018” маладыя дрэўцы. Дарэчы, у гэтай акцыі школа ўдзельнічала на мінулым тыдні, 14 і 16 красавіка, пасадзіўшы у 88 квартале Турска-Лядзецкага лясніцтва бярозкі і сосны.

         Настаўнікі пачатковых класаў і вучні 8 класа прыбралі тэрыторыю вакол помніка ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Тэхнічным персаналам былі пабелены пладовыя дрэвы вакол школы і засаджаны клумбы прыгожымі кветкамі. Вучні 9-11 класаў вычысцілі ад сухой лістоты бярозавую алею, пасаджаную ў свой час у гонар загінуўшых аднавяскоўцаў. “Трэба чыста падграбаць, ніводнага лісточка не прапусціць, а то сапсуецца ўся прыгажосць і шанаванне”, - разважала ўслых са сваімі аднакласніцамі вучаніца 10 класа Лісавец Аліна.

         Прыемна ўсведамляць, што калі ёсць не толькі парадак навокал, а і “парадак” у думках і сэрцы, то ў нас ёсць для каго жыць і працаваць – у нас ёсць будучыня.

                                                                           Класны кіраўнік 10 класа
Прыка Т.І.

Пасадка дрэў