Да 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа

08.11.2017

Імя народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) сімвалізуе цэлую эпоху ў культурным жыцці краіны. 3 лістапада 2017 года спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння вялікага паэта і празаіка, драматурга і перакладчыка, крытыка і публіцыста, настаўніка літаратурнай моладзі, буйнога вучонага, выдатнага лінгвіста і фалькларыста. Жыццё і дзейнасць Якуба Коласа працятыя высакароднасцю, неабыякавасцю да ўсяго, вернасцю прынцыпам, любоўю да роднай зямлі. Сваім магутным талентам Якуб Колас адкрыў невычэрпныя магчымасці роднага слова, вызначыў асноўныя напрамкі развіцця беларускай літаратуры, падняў яе да ўзроўню развітых літаратур свету. Нарадзіўся Якуб Колас 3 лістапада 1882 года ў вёсцы Акінчыцы Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і лесніка Міхаіла Казіміравіча Міцкевіча.


У сваёй лірыцы паэт паказаў жыццё народа шырока і поўна. На вяршыні творчасці Якуба Коласа знаходзяцца паэмы «Новая зямля», якую і сам паэт лічыў сваім галоўным творам, і «Сымон-музыка». Менавіта з гэтымі паэмамі Колас стаў вядомым у сусветнай літаратуры як «беларускі Гамер», стваральнік паэтычнага эпасу беларусаў. Трылогія «На ростанях» з’яўляецца самым вялікім празаічным творам Якуба Коласа, у якім пісьменнік праявіўся буйным майстрам мастацкай прозы.
 
У няпростыя 1930-я гады Якуб Колас рабіў усё магчымае для развіцця беларускай культуры і літаратуры. У гэты час была створана аповесць «Дрыгва» – адзін з найбольш папулярных твораў таго часу.


Перыяд Вялікай Айчыннай вайны быў вельмі складаным у жыцці і творчасці песняра. Побач з высокапатрыятычнымі вершамі, памфлетамі Якуб Колас стварыў творы філасофскія, пейзажныя і нават інтымна-лірычныя. Вершы, напісаныя за першыя два гады вайны, склалі зборнік «Голас зямлі». У ваенныя гады напісаны і яго паэмы «Суд у лесе» і «Адплата», прысвечаныя гераічнай барацьбе беларускіх партызан з гітлераўскімі захопнікамі, а таксама вялікая колькасць публіцыстычных артыкулаў.

У сатырычных вершах, вершаваных фельетонах, байках і іншых творах паэт паказаў сябе майстрам гумару. Якуб Колас – адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай прозы, аўтар твораў для дзяцей. Апрацаваў шэраг беларускіх народных казак, працаваў у жанры перакладу, выступаў з публіцыстыкай і літаратурнай крытыкай. Атрымалі выданне яго кнігі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» і «Методыка роднай мовы». Вялікі ўклад народны паэт Беларусі ўнёс у ўзбагачэнне і нармаванне беларускай літаратурнай мовы, развіццё беларускага мовазнаўства, перш за ўсё лексікаграфіі. Як даследчык ён шмат зрабіў у падрыхтоўцы і рэдагаванні акадэмічных слоўнікаў.

Усё сваё жыццё пісьменнік-патрыёт змагаўся за высокі ранг роднай мовы ў Беларусі. Якуб Колас – акадэмік, заслужаны дзеяч навукі Беларусі.

Памёр Якуб Колас 13 жніўня 1956 года. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.

_______________________________________________________________________

У 2017 годзе споўнілася 500 гадоў з дня выхаду ў свет першай беларускай кнігі, якую выдаў наш суайчыннік, першадрукар, выдавец, перакладчык Бібліі на родную мову, пісьменнік, тэолаг, вучоны, лекар, грамадскі дзеяч – Францыск Скарына.