Пераможцы абласной краязнаўчай алімпіяды

11.04.2022

"Родныя гукі...
З гукаў — родныя словы... Са словаў — песьні, Казкі, паэмы, драмы, Жыцьцё, Радзіма, Народ." Ніл Гілевіч.
Гэтай цытатай знакамітага Ніла Гілевіча можна адзначыць крапатлівую і пленную працу, якую правяла каманда педагогаў і вучняў Хорскай сярэдняй школы па ўдзелу ў абласной краязнаўчай алімпіядзе, мэтай якой было патрыятычнае выхаванне, развіццё гонару за родны край, развіццё культурнага, эстэтычнага, гістарычнага, геаграфічнага і гуманітарнага патэнцыялу вучняў. Вынікі алімпіяды былі адзначаны афіцыйным загадам аблвыканкама ад 23.03.22.

„Выбірай сабе справу па душы, і табе не прыйдзецца працаваць ні аднаго дня ў сваім жыцці.“ — Канфуцый. Менавіта такім дэвізам кіравалася творчая суполка настаўнікаў - Аксана Міхайлаўна Труханавіч, Вольга Аляксандраўна Цернавая, Іван Пятровіч Галавач, калі бралася за " алімпіяду" і яе падрыхтоўку. Натхняльнікам і акумулятыўным геніем каманды выступіла Аксана Міхайлаўна, якраз яна падабрала і каманду настаўнікаў і каманду вучняў - Бакунец Дар'я і Стахейка Таццяна(11кл.), Клімавец Кірыл, Веляшкевіч Алена, Кунай Ганна(10кл.), Вярэніч Кацярына(9кл.).
Праца была цікавай і складанай адначасова. Самай першай і адказнай справай было вызначэнне тэмы праекта, сярод прапанаваных тэм у час " мазгавога штурму" каманда, узвесіўшы магчымасці, веды, інтарэсы, таленты кожнага ўдзельніка, вырашыла звярнуцца да блізкіх кожнаму беларусу традыцый, міфаў, легендаў. Было вырашана ў намінацыі каляндар і эсэ выбраць тэму беларускіх багоў і свят, а таксама звязаных з імі традыцый.
Аксана Міхайлаўна з дзяўчатамі працавалі над стварэннем аўтэнтычнага каляндара, дзе згодна з парою года на кожнай старонцы было прадстаўлена боства, яго ўласцівасці і святы. Кожная старонка каляндара- шэдэўр, з фота, малюнкамі, карункамі ручной працы. Кожнае боства- падбор інфармацыі, матэрыялаў. Дарэчы, каляндар адзначаны дыпломам першай ступені ў вобласці.
Вольга Аляксандраўна і Кацярына Вярэніч працавалі над стварэннем эсэ, падбіралі матэрыял, вывучалі спецыфіку мясцовасці, стараліся , каб эсэ і каляндар былі "на адной хвалі", перадаваліся мясцовыя абрадавыя асаблівасці, прысутнічала патрыятычная накіраванасць. На раённым этапе алімпіяды эсэ было адзначана дыпломам першай ступені.
Іван Пятровіч, Аксана Міхайлаўна і Вольга Аляксандраўна вялі і тэарэтычную падрыхтоўку вучняў да алімпіяды, праграма якой уключала мноства пытанняў па геаграфіі, біялогіі, заалогіі, батаніцы, краязнаўству, гісторыі, культуры і літаратуры роднага краю.
Удзельнікі каманды цудоўна справіліся з інтэлектуальнымі заданнямі алімпіяды ў выглядзе краязнаўчага дыктанту як на раённым этапе так і на абласным. Доказам гэтага служыць агульны дыплом другой ступені за ўдзел у краязнаўчай алімпіядзе, дыплом першай ступені ў намінацыі " Каляндар", дыплом другой ступені ў намінацыі " Краязнаўчы дыктант".
Кіраўнік каманды Аксана Міхайлаўна Труханавіч і ўдзельніца каманды Таццяна Стахейка прысутнічалі на ўрачыстым ушанаванні пераможцаў алімпіяды ў Брэсце, акрамя таго пераможцаў алімпіяды павіншавалі ў сваёй школе.
Усе ўдзельнікі каманды атрымалі творчае і эстэтычнае задавальненне ад удзелу ў алімпіядзе, веды і вопыт, настрой.
Яшчэ раз віншуем і жадаем новых перамог!